30 октября 2004

Чорна-белы плюралізм

Источник: «Наша Ніва», № 24, 25 чэрвеня 2004 г.

Незважаючы на скандалы вакол чэмпіянатаў сьвету, зьвязаныя з амбіцыямі функцыянэраў міжнароднай шахматнай фэдэрацыі, клясычныя шахматы на 64 клетках пакуль яшчэ займаюць вяршыню п'едэсталу сярод інтэлектуальных гульняў – што ў сьвеце, што ў нашым краі. Некаторы час альтэрнатыву ім складалі "польскія", або гексаганальныя шахматы. Беларус Сяргей Карчыцкі нават стаў чэмпіёнам Эўропы па гексашахматах, журналісты казалі пра пляны ператварэньня апошніх у "беларускую нацыянальную гульню"... Аднак уздым іх папулярнасці ў канцы мінулага стагодзьдзя скончыўся неўзабаве пасля арышту небезьвядомага Валера Буяка – галоўнага прапагандыста гульні і будаўніка фінансавых пірамідаў па сумяшчальніцтве. Суполка гексашахматыстаў распалася, каб сабрацца пад новым дахам. Многія зь іх цяперака захапляюцца сёгамі.

Калі ў старога, што днямі праседжвае са сваім сябрам за дошкай у менскім парку Чалюскінцаў, запытацца, што ён ведае пра японскія шахматы сёгі ці кітайскія сянцы, адказам будзе, у лепшым выпадку, пацісканьне плячыма. Ня дужа вітаюць «альтэрнатыўшчыкаў» (ці мо лепей назваць іх прыхільнікамі паралельных шахматаў?) прэса ды спартовыя ўлады. Людзей, якія ўмеюць гуляць у сёгі ды сянцы, у нас вобмаль, аднак гульні гэтыя пэрспэктыўныя. Сёгі лічацца адной з найбольш грашовых забавак сьвету – за ўдзелы ў турнірах эліце плацяць мільёны. У сярэдзіне чэрвеня ў Менску завяршыўся першы чэмпіянат краіны па японскіх шахматах, пераможца якога разлічвае на дапамогу амбасады Японіі дзеля далейшага кшталтаваньня свайго майстэрства. Летась адкрыўся сайт «Сёгі ў Беларусі», фігуркі з іерогліфамі дэманструюцца з тэлеэкранаў дзякуючы каналу «Лад»…

Японія ды Кітай ад Беларусі далёка, але ж сапраўдны homo ludens хоць у Антарктыду паедзе, каб знайсьці годнага партнэра. Праўда, і ў Эўропе ёсьць не абы-якія спэцыялісты па сёгі – кажуць, што гульня гэтая надзвычай арыгінальная й дынамічная, з нечаканымі ператварэньнямі фігур. Урэшце, разнастайнасьць шахматам не шкодзіла ніколі: як той казаў, хіба важна, якога колеру котка, галоўнае, каб мышэй лавіла.

Уладзімір Рубінчык


 

Оставить отзыв | Комментарии (0)